АЭРАКАСМІ́ЧНЫЯ МЕ́ТАДЫ,
дыстанцыйныя метады, метады вывучэння наземных аб’ектаў і касм. целаў на значнай адлегласці (з ніжняй атмасферы ці космасу). Уключаюць здымку зямной паверхні і касм. аб’ектаў, фотаграмметрычную (гл. Фотаграмметрыя) апрацоўку здымкаў, агульнае і спец. дэшыфраванне аэрафотаздымкаў. Залежна ад тыпу носьбіта апаратуры адрозніваюць аэракасмічныя метады самалётныя, верталётныя, аэрастатныя, ракетныя, спадарожнікавыя, паводле тыпу прыёмніка выпрамянення — візуальныя, фатаграфічныя, радыеметрычныя і радыёлакацыйныя. У геолага-геафіз. даследаваннях выкарыстоўваюцца аэрафотаздымка, аэрафізічная разведка (здымка), касмічная здымка. Аэракасмічныя метады бываюць актыўныя (вывучаецца адбітае аб’ектамі выпрамяненне пасля іх штучнага апрамянення) і пасіўныя (выкарыстоўваецца ўласнае выпрамяненне целаў або адбітае сонечнае). Па спектральных характарыстыках розных дыяпазонаў эл.-магн. спектра распазнаюцца аб’екты, вызначаецца іх памер, шчыльнасць, хім. састаў, фіз. ўласцівасці і стан. Найб. поўныя і дакладныя звесткі дае адначасовае выкарыстанне некалькіх дыяпазонаў спектра.
т. 2, с. 173
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)